Пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Кола сяброў”

У бібліятэцы-філіяле г.п. Юрацішкі на пасяджэнні аматарскага аб’яднання “Кола сяброў” прайшла гульня-падарожжа “Дзе жыве нічога?”. Мерапрыемства было прысвечана літаратурнай творчасці Уладзіміра Іванавіча Мацвеенкі, якому 17 жніўня спаўняецца 95 год з дня нараджэння.

Уладзімір Мацвеенка – прызнаны сёння гумарыст і дзіцячы паэт, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра, вясёлкаўскай прэміі імя Васіля Віткі, уладальнік ганаровага медаля “За вялікі ўклад у літаратуру”.

Падчас сустрэчы бібліятэкар прапанавала дзецям займальнае падарожжа ў таямнічы свет вершаў, казак, шарад, анонімаў, загадак.

У выкананні дзяўчынак гучалі вершы, у якіх многа пачуццяў, што характэрна для тых аўтараў, хто ўважліва назірае за дзецьмі.

Затым дзеці з вялікім задавальненнем прынялі ўдзел у гульні-віктарыне па творам паэта. Падчас адгадвання загадак удзельнікі ўспомнілі, чым адрозніваюцца звычайныя загадкі ад загадак-амонімаў, загадак-анаграм, загадак-задачак, акразагадак.

Напрыканцы мерапрыемства супрацоўнік бібліятэкі пазнаёміла прысутных з кніжнай выставай “Уладзімір Мацвеенка. 95 год.” У сваіх кнігах паэт не толькі змяшчае вершы, загадкі, лічылкі і шарады, але і тлумачыць сваім чытачам літаратурныя тэрміны, дае карысныя парады.