Квэст-гульня “Івейскія рабінзоны”
16 чэрвеня супрацоўнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі Іўеўскай раённай бібліятэкі запрасілі наведвальнікаў прышкольнага аздараўленчага лагера “Усмешкі дзяцінства” на экалагічную квэст-гульню “Івейскія рабінзоны”, якая адбылася ў межах праекта “Беларускі чацвер. Мы малюем Беларусь”. Для “малявання” бібліятэкары выбралі зялёны колер.
Гульня праводзілася з мэтай пазнаёміць прысутных з навакольным асяроддзем роднай Іўеўшчыны.
Перад тым, як адправіцца ў падарожжа, удзельнікам мерапрыемства неабходна было падрыхтавацца да яго. Таму юных турыстаў запрасілі прыняць удзел у конкурсе “Збяры рукзак”.
На першай станцыі “Зялёная” дзяцей сустракаў гаспадар лесу Лясун, які правёў віктарыну “Лясная аптэка”, гульню “Ядомае-неядомае”, а таксама танцавальны флэшмоб “Звяры ішлі на вадапой”.
На станцыі “Балотная” юных турыстаў сустракала Балотная ведзьма. Яна рассказала, што балоты займаюць каля 4,7 % тэрыторыі раёна. Затым ведзьма прапанавала дзецям паслухаць легенду “Слёзы-ягады журавінавага балота”, а пасля ўсе дружна адказвалі на яе пытанні і ўдзельнічалі ў конкурсе “Па ягады”.
На наступнай станцыі “Блакітная” дзяцей сустрэў Рыбак. Тут прысутныя паслухалі легенду пра “Сіняе возера”, а затым прынялі ўдзел у флэшмобе “А рыбы плавалі вось так”.
Напрыканцы мерапрыемства дзеці паабяцалі беражліва ставіцца да роднай прыроды і быць сапраўднымі гаспадарамі сваёй зямлі.