Свет рушніковы – скарб адмысловы

18 мая, падчас пасяджэння аматарскага аб’яднання “Іўеўчанка”, у Іўеўскай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя выставы ручнікоў пад назвай “Свет рушніковы – скарб адмысловы”.

У пачатку сустрэчы бібліятэкары падтрымалі старадаўні славянскі звычай і пачаставалі прысутных хлебам-соллю, пададзеным на ручніку. Такое частаванне ў нашых продкаў сімвалізавала пажаданне гасцям дабрабыту і духоўнай чысціні.

У ходзе пасяджэння вялася размова аб тым, што ручнiк адлюстроўвае гiсторыю народа, яго дух, творчыя памкненнi i мастацкае светаўспрыманне. Гэта найкаштоўнейшы здабытак беларускай культуры i мастацтва, сімвал чысціні, цяпла роднай хаты і зямлі.

Падчас мерапрыемства гучалі беларускія вершы і песні пра ручнік. Удзельнікі  з захапленнем расказвалі аб тым, якія ручнікі выраблялі іх маці і бабулі, з цікавасцю знаёміліся з ручнікамі і кнігамі пра гісторыю і сучаснае народнае мастацтва Беларусі, прадстаўленымі на выставе.