Таленты роднай зямлі
Чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Іўеўчанка”, якое працуе пры Іўеўскай раённай бібліятэцы, было прысвечана народнаму мастацтву. Вечар-сустрэча “Таленты роднай зямлі” з майстрам народных традыцыйных рамёстваў Канцэвіч Маргарытай адбыўся ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУК “Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу”.
Майстар, якая займаецца адраджэннем народнага адзення, расказала гасцям, што такое беларуская вышыванка, пра віды вышыўкі і сімвалічнае значэнне арнаментаў. У традыцыйным беларускім касцюме вышыўка не толькі ўпрыгожвае, але і з’яўляецца абярэгам. Прысутныя даведаліся, як у мінулым вышыўкай аздаблялі вопратку і ручнікі. Уменне вышываць лічылася жаночай справай і перадавалася з пакалення ў пакаленне – дзяўчынак вучылі гэтаму майстэрству з маленства.
Напрыканцы сустрэчы быў праведзены майстар-клас па вышыўцы. На памяць удзельнікі мерапрыемства атрымалі падарункі – вышыты медальён “Здароўе”.