Ветлівыя словы беларускай мовы

Ветлівыя словы…  Навошта яны патрэбныя ў штодзённых зносінах? Вось гэта і высвятлялі вучні 2 “А” класа падчас вуснага часопіса “Ветлівыя словы беларускай мовы”, які прайшоў у Іўеўскай раённай бібліятэцы.

Дзеці актыўна адгадвалі загадкі, разыгрывалі розныя сітуацыі, у якіх вучыліся культуры зносін, складалі са слоў-пялёсткаў “валошку ветлівасці”.

У ходзе мерапрыемства бібліятэкар пазнаёміла юных чытачоў з выданнямі, прадстаўленымі на кніжнай выставе “Усё пачынаецца з роднага слова”. Асаблівы настрой стварылі беларускія народныя казкі: малыя ўважліва слухалі ўрыўкі з іх, а таксама паглядзелі мультфільм “Лагодны воўк” (па творы А.Масла) кінастудыі “Беларусьфільм”. На прыкладзе паводзін герояў казак вучні разважалі над значэннем дабрыні, сяброўства, ветлівасці.

Напрыканцы сустрэчы дзеці напісалі на папяровых далоньках шчырыя словы падзякі сваім родным і блізкім.

Менавіта праз родную мову і культуру дзеці знайшлі адказ на галоўнае пытанне вуснага часопіса, зразумеўшы, што ў нашай мове вельмі шмат “чароўных слоў”, якія робяць любыя зносіны прыемнымі і лёгкімі.