VIII епархіяльныя Калядныя чытанні

Напярэдадні зімовых свят на Лідчыне традыцыйна праводзіцца  вялікі грамадска-царкоўны форум – епархіяльныя калядныя чытанні. Сёлета яны праходзяць ужо восьмы раз.

У рамках мерапрыемства працуюць секцыі па тэматычных напрамках. Сёння адбылася секцыя “Дзейнасць свецкіх і царкоўна-прыходскіх бібліятэк у праваслаўных традыцыях”. Пляцоўкай для яе быў абраны Лідскі каледж ГрДУ ім. Янкі Купалы, а кола ўдзельнікаў упершыню пашырана ад бібліятэкараў да педагогаў, медыкаў, работнікаў сферы культуры Лідскага і бліжэйшых рэгіёнаў.

Галоўная мэта семінара – абмеркаваць глабальныя праблемы нашага часу і духоўны выбар сучаснага чалавека ў імкненні прыносіць карысць роднаму краю.

Супрацоўнікі Іўеўскай раённай бібліятэкі і іерэй Іаан Рэзановіч (настаяцель храма Покрыва Прасвятой Багародзіцы в. Нікалаева) таксама прынялі ўдзел у гэтым семінары.

Адкрылі працу секцыі сакратар Лідскай епархіі, протаіерэй Максім Цыгель, і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі Лідскага райвыканкама Галіна Ганчар.

Запрошаным госцем секцыі стаў лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, настаяцель храма іконы Божай Маці “Усецарыца” ў г. Мінску, старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльным служэнні Беларускай праваслаўнай царквы протаіерэй Кірыл Шоўкаў.

Гасцям быў прадстаўлены фільм аб будаўніцтве храма іконы Божай Маці “Усецарыца”. Удзельнікі сустрэчы даведаліся таксама аб дзейнасці парафіі і сацыяльных праектах, рэалізацыяй якіх займаецца Сінадальны аддзел па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльным служэнні. Самы маштабны з ​​іх – гэта праект «Дарогай міласэрнасці – дапамога хоспісам Беларусі».

Затым прысутныя з цікавасцю праслухалі даклад айца Кірыла, які расказаў пра сацыяльныя выклікі нашага часу і пра добраахвотніцкі рух дапамогі анкапацыентам у Беларускім Экзархаце.