“Пісьменнік адзначае юбілей”: І.А. Карэнда
Акраец хлеба і глыток вады,
Святло кахання і букет рамонкаў
Дала ў дарогу мне на шчасце ты,
Мая Айчына, родная старонка.
Ці ўдзячны я за шчодры мой надзел,
За спадчыну багатую такую,
Ці радуе пражыты мною дзень
Тваю душу, што рэдка не смуткуе?
Твой сын, я мушу шчырым быць заўжды,
Аплачваць працай твой крэдыт даверу
І засланяць сабою ад бяды
Цябе ў часіны непагадзі шэрай.
І.А. Карэнда “Бацькаўшчыне”
Да 75-годдзя з дня нараджэння нашага земляка – выдатнага пісьменніка і грамадска-культурнага дзеяча Івана Арсеньевіча Карэнды ў Іўеўскай раённай бібліятэцы падрыхтавана выстава “Пісьменнік адзначае юбілей”.
І.А.Карэнда нарадзіўся ў вёсцы Крывічы Іўеўскага раёна ў сялянскай сям’і, прайшоў вялікі прафесійны шлях ад школьнага настаўніка да высокіх дзяржаўных пасадаў (працаваў начальнікам галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, саветнікам Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі і інш.).
І ўвесь час Іван Арсеньевіч заставаўся чалавекам, які вельмі тонка адчувае літаратурную творчасць, жыве душэўнымі памкненнямі. Яго непарыўная сувязь з роднай зямлёй, любай вёскай увасобілася ў мастацкім слове.
Першыя вершы І.А. Карэнды публікаваліся ў Шчучынскай раённай газеце “Савецкая вёска” (1971 г.), з 1975 года ён друкаваўся ў рэспубліканскіх выданнях. Іван Арсеньевіч – аўтар зборнікаў лірыкі: “Белы наліў”, “Знічка”, “Васількі надзеі”, “Апошняя малітва”, “Пад зорным небам верасня”; паэм “Вочап” і “Бярозавік”; паэтычных кніг для дзяцей: “На загадкі ёсць адгадкі”, “Ёж иголки продавал”, “Азбука Перамогі”; кніг прозы: “Воплаўская госця”, “Усміхніся шчасцю свайму”, “Жыць для Беларусі. Шлях суддзі Іосіфа Бойсы” і іншых выданняў.
У сваіх творах пісьменнік заклікае чытача зазірнуць ва ўласную душу, задумацца над сэнсам жыцця, вечнымі каштоўнасцямі, нагадвае аб адказнасці чалавека за свае паводзіны і ўчынкі, за будучыню роднай Беларусі.
Запрашаем усіх жадаючых наведаць выставу “Пісьменнік адзначае юбілей” і пазнаёміцца з творчасцю нашага вядомага земляка.