Восеньскія пасядзелкі “Бульбяны банкет”

Пасля заканчэння палявых работ нашы продкі заўсёды ўладкоўвалі пышныя гулянні, каб падзякаваць зямлі за шчодры ўраджай хлеба, гародніны і садавіны. Ушаноўвалі жыта, пшаніцу і, вядома ж, бульбу, якая на беларускіх землях лічылася другім хлебам.

28 лістапада ўдзельніцы аматарскага аб’яднання “Сяброўкі” сабраліся ў Лаздунскай бібліятэцы на восеньскія пасядзелкі, прысвечаныя бульбе.

Бібліятэкар расказала пра гісторыю з’яўлення бульбы на Беларусі, пра тое, што бульбу любяць і ўшаноўваюць ва ўсім свеце. У горадзе Марыінску Кемераўскай вобласці ў 2008 годзе быў устаноўлены помнік бульбе. У Бельгіі ў 1975 годзе з’явіўся музей бульбы. Англічане таксама лічаць, што бульбачка заслугоўвае вялікай увагі, і таму 2 лютага адзначаюць Дзень бульбы. А 2008 год і зусім быў аб’яўлены Міжнародным годам бульбы.

Удзельніцы пасядзелак спявалі песні і чыталі вершы пра бульбу, дзяліліся сакрэтамі вырошчвання лепшых гатункаў бульбы і сямейнымі рэцэптамі прыгатавання бульбяных прысмакаў. Колькі ж смачных страў можна прыгатаваць з гэтай гародніны! Бабку, дранікі, запяканкі, клёцкі, калдуны, цэпеліны…

Завяршылася мерапрыемства шчодрым пачастункам. Прысутныя паспрабавалі не толькі добра вядомыя “бульбу ў мундзірах” і дранікі, але і бульбяны дэсерт.