З любоўю да роднага

24 красавіка супрацоўнік бібліятэкі-філіала аг. Геранёны правяла прэзентацыю персанальнай выставы мясцовага краязнаўцы Алены Іванаўны Смалянічэнка “З любоўю да роднага”.  

Алена Смалянічэнка – педагог, краязнаўца, самабытная пісьменніца. Нарадзілася і вырасла на Іўеўшчыне. Закончыла Гродзенскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Янкі Купалы.

Бібліятэкар пазнаёміла прысутных з біяграфіяй Алены Іванаўны, расказала пра яе ўзнагароды, пра ўдзел у творчых конкурсах, а таксама пра актыўны ўдзел у пошуку, зборы і падрыхтоўцы матэрыялаў для кнігі “Памяць. Іўеўскі раён”.

На персанальнай выставе былі прадстаўлены выданні з артыкуламі, краязнаўчымі даследаваннямі, вершамі, апавяданнямі Алены Іванаўны. Тэматычная накіраванасць яе літаратурнага даравання даволі шматпланавая – ад асабістых перажыванняў да гумарыстычных вершаў, сюжэты якіх падгледжаны ў жыцці.

Алена Іванаўна і сёння не застаецца ў баку ад грамадскага жыцця, займае актыўную жыццёвую пазіцыю, прымае ўдзел у літаратурных гасцёўнях, творчых вечарынах, паэтычных сустрэчах, краязнаўчых канферэнцыях.