“Жаночае аблічча Перамогі”

Захоўваць хатні ачаг, дарыць цяпло і выхоўваць дзяцей – спрадвечнае прызначэнне жанчын. Аднак гісторыя ведае прыклады, калі на іх долю выпадалі зусім іншыя выпрабаванні.

У час Вялікай Айчыннай вайны многім жанчынам і зусім юным дзяўчатам давялося ўзяць у рукі зброю, ратаваць параненых пад кулямі, змагацца ў падполлі і партызанскіх атрадах нараўне з мужчынамі. Асобны боль тых страшных гадоў — лёс маці, якія так і не дачакаліся з фронту сваіх сыноў. Менавіта пра гэта расказвае новая кніга ў фондзе ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка” – “Жаночае аблічча Перамогі” Дзмітрыя Кашавара і Анастасіі Радзікевіч. 

Кніга “Жаночае аблічча Перамогі” прысвечана неацэннаму ўкладу жанчын у барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На старонках выдання сабраны дакументальна пацверджаныя гісторыі гераінь, чыя мужнасць і самаахвярнасць сталі сапраўдным сімвалам нязломнага духу. Сярод іх ― маці-патрыётка Анастасія Купрыянава, у якой падчас вайны загінулі сыны, і зусім юныя змагары, такія як 9-гадовая разведчыца Надзея Багданава і 14-гадовая камандзірка жаночай групы падрыўніц Рыма Кунько. Чытач пазнаёміцца з подзвігам бясстрашных удзельніц падполля Надзеі Траян, Алены Мазанік і Марыі Осіпавай, якія ажыццявілі аперацыю па знішчэнні гаўляйтара Вільгельма Кубэ, а таксама з гісторыяй самаадданай медсястры Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі, што выратавала з поля бою 123 параненыя салдаты і афіцэры і прадэманстравала неверагодную прагу да жыцця пасля ампутацыі рук і ног.

Гэтае выданне служыць важным напамінам пра тое, што Перамога здабывалася таксама і дзякуючы велічы жаночага сэрца. 

Дзмітрый Кашавар, адзін з аўтараў кнігі, падзяліўся думкамі наконт ідэі кнігі:

— Мы часта гаворым, што Перамогу заваявалі нам, здабылі дзяды і прадзеды. Але не заўсёды згадваем, што літаральна кожны важны момант гісторыі асветлены жанчынамі, за кожным з нашых мужных герояў, афіцэрам ці радавым, партызанам стаяць жанчыны. Перш за ўсё — як маці, а таксама і сёстры, жонкі, нявесткі, многія з якіх не дачакаліся дадому змагароў з ворагам. Гэтым жанчынам найперш мы аддаём даніну павагі, вялікай удзячнасці. Якраз таму першай у кнізе пададзена жанчына-маці Анастасія Купрыя­нава. Праз люстэрка яе лёсу мы гля­дзім на ролю беларускіх жанчын у Перамозе. З шасці сыноў Анастасіі Фамінічны пяцёра загінулі, а 18-гадовы, малодшы Пётр на тэрыторыі Латвіі паўтарыў по­дзвіг Аляксандра Матросава, яму пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Шосты сын хоць і вярнуўся дадому, але вайной пакалечаны і заўчасна памёр. Такім быў подз­віг, велізарная ахвяра на алтар Перамогі жанчыны-маці Анастасіі Купрыянавай, у гонар якой у 1975 годзе ў Жодзіне адкрылі манумент.

З інтэрв’ю карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”