Жыву ў Беларусі і тым ганаруся
У аддзеле абслугоўвання і інфармацыі Іўеўскай раённай бібліятэкі працуе кніжная выстава “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, аформленая да Года беларускай жанчыны. Экспазіцыя праз літаратурныя крыніцы, рэпрадукцыі, фотаздымкі раскрывае шматграннасць беларусак, іх значэнне ў развіцці дзяржавы і грамадства.
Раздзел “Сэрца краіны ў жаночых руках” прысвечаны нашым сучасніцам, якія займаюцца стваральнай працай, уносяць свой уклад у эканамічны і сацыяльны росквіт краіны.
У рубрыцы “Жанчына стварае гісторыю” прадстаўлены кнігі пра легендарных асоб, якія пакінулі прыкметны след у гісторыі Беларусі.
Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікае раздел “Жанчына – легенда Іўеўшчыны”, дзе змешчаны выданні пра славутых ураджэнак нашага краю. Сярод іх – Заслужаны работнік культуры РФ і Ганаровы грамадзянін горада Іўе Я.Б. Юферава, якая зрабіла бліскучую кар’еру ў журналістыцы і з’яўляецца акадэмікам Акадэміі расійскай прэсы. Побач прадстаўлены матэрыялы пра Заслужанага майстра спорту Рэспублікі Беларусь, паралімпійскую чэмпіёнку Я.Э. Скарабагатую. Выдавецкія працы бібліятэкі распавядаюць пра гераізм і мужнасць нашых зямлячак (В.А. Грыбоўскай, М.М.Чэрнік, Н.І. Лебедзевай і інш.) ва ўмовах цяжкіх выпрабаванняў Вялікай Айчыннай вайны.
Экспазіцыя дапоўнена мастацкімі творамі, прысвечанымі жанчынам.
Запрашаем вас дакрануцца да гісторыі жаночага поспеху, адданасці Радзіме і сямейным каштоўнасцям! Наведайце выставу, каб адкрыць для сябе імёны тых, хто сваімі талентамі і працай праслаўляе родную Беларусь і наш Іўеўскі край.



