Звязаныя адным краем: паэты-землякі Іван Карэнда і Галіна Нічыпаровіч
21 сакавіка ва ўсім свеце адзначаюць Дзень паэзіі, заснаваны ЮНЕСКА ў 1999 годзе. Галоўнай мэтай свята стала жаданне падкрэсліць велізарнае значэнне літаратуры ў культурным жыцці сучаснага грамадства, развіваць паэтычную творчасць, якая аб’ядноўвае жыхароў розных краін.
Да Сусветнага дня паэзіі было прымеркавана чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Іўеўчанка”, прысвечанае паэтам-землякам Івану Карэндзе і Галіне Нічыпаровіч, – паэтычнае знаёмства “Звязаныя адным краем”. У 2025 годзе мы адзначаем 75-годдзе з дня нараджэння гэтых таленавітых майстроў паэтычнага слова, якімі ганарыцца Іўеўшчына.
Падчас мерапрыемства прысутныя пазнаёміліся з жыццёвымі і творчымі лёсамі І. Карэнды і Г. Нічыпаровіч, з выставай аўтарскіх выданняў, з выдавецкімі работамі бібліятэкі па творчасці паэтаў-юбіляраў, чыталі і абмяркоўвалі іх вершы. На сустрэчы гучалі не толькі творы мінулых гадоў, а таксама апошнія, што друкаваліся ў перыядычных выданнях.
Знаёмства з творчасцю літаратараў-землякоў дазваляе нам выказаць ім словы падзякі за талент, за творчую спадчыну, далучыцца да культуры малой радзімы.