Государственное учреждение культуры

Ивьевская районная
Библиотека

Адрес: 231337, Республика Беларусь,
Гродненская обл., г. Ивье, ул. 1 Мая, 4

Режим работы

Телефон: + 375 (1595) 69912            
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

Menu
Close
Skip to content

Шабановіч Абу-Бякір Юх’янавіч

Абу-Бякір Юх’янавіч Шабановіч (22.11.1939, мястэчка Іўе) – мусульманскі рэлігійны і грамадскі дзеяч, муфцій Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь.

Лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” (2017 г.) за значны асабісты ўклад у захаванне духоўных каштоўнасцей і традыцый мусульман Беларусі.

Старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання татараў “Зікр уль-Кітаб”, член Кансультатыўнага Міжканфесійнага савета пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, член Еўразійскага Ісламскага Савета, член Савета Міжнароднага мусульманскага форуму, член Кансультатыўнага Савета муфтыяў Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Член Бюро Прэзідыума Міжнароднай Грамадскай Палаты склікання 2020-2025, Ганаровы член Прэзідыума.

За шматгадовую грамадскую дзейнасць па захаванні міжнацыянальнай і міжрэлігійнай згоды, значны ўклад у захаванне духоўных каштоўнасцей, актыўную грамадскую дзейнасць на карысць горада Іўе і Іўеўскага раёна ў ліпені 2023 г. Абу-Бякіру Юх’янавічу Шабановічу было прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Іўеўскага раёна”.

Паходзіць з роду татарскіх імамаў (духоўныя лідэры мусульман). Яго прадзед Бякір быў імамам некалі буйной мячэці недалёка ад Крэва (старажытнай Даўбуцкай мячэці), дзед Ян выступаў у якасці духоўнага настаўніка мусульман, другі дзед – Мустафа – у якасці кадзі (суддзі). Узначальваў іўеўскую татарскую абшчыну і карыстаўся павагай землякоў і бацька Юх’ян. Шмат у чым дзякуючы і яго намаганням мячэць у Іўі – адзіная, што дзейнічала ў савецкі час у Беларусі.

Прозвішча “Шабановіч” паходзіць ад назвы святога месяца Шаабан, які папярэднічае свяшчэннаму Рамадану. Абу-Бякір нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і, дзе было 7 дзяцей, але ў складаныя ваенныя гады выжылі толькі 5. Бацькі выхоўвалі дзяцей на сямейных традыцыях і традыцыях татарскага народа, у аснове якіх ляжала рэлігія, з малых гадоў прывучалі да працы на зямлі. На працягу чатырох гадоў Абу-Бякір вывучаў іслам ў мясцовай рэлігійнай школе.

Пасля заканчэння Іўеўскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы ў 1956 годзе Б. Шабановіч паступіў у Беларускі інстытут фізічнай культуры на завочнае аддзяленне, адначасова працаваў настаўнікам фізкультуры.

Пасля заканчэння службы ў арміі працаваў у Іўеўскай школе-інтэрнаце выхавацелем і настаўнікам, затым паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Вучобу сумяшчаў з гульнёй за зборную Беларусі па валейболу. Ва ўніверсітэце спецыялізаваўся па рэлігіязнаўстве, усе курсавыя і дыпломную працу пісаў па ісламу. Атрымаўшы дыплом, працоўную дзейнасць звязаў з сістэмай адукацыі: працаваў настаўнікам у  школах №9 і №65 г. Мінска, дырэктарам школы №136, гімназіі, кіраўніком навукова-метадычнага цэнтра і намеснікам начальніка дзяржінспекцыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Абу-Бякір Шабановіч стаяў ля вытокаў адраджэння ісламу ў Беларусі. У 1989 годзе выступіў арганізатарам, а затым і ўзначаліў Беларускае грамадскае аб’яднанне татараў-мусульман “Зікр уль-Кітаб”, адначасова кіраваў Асацыяцыяй нацыянальных аб’яднанняў рэспублікі, быў членам Выканкама Сусветнага кангрэса татараў, арганізоўваў культурныя цэнтры, школы, музеі, ісламскія бібліятэкі.

У 1994 годзе было створана Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне ў Рэспубліцы Беларусь.

У 1997 годзе быў закладзены памятны камень па аднаўленні татарскай мячэці Мінска. І толькі ў 2016 годзе ў Мінску расчыніла дзверы адноўленая Саборная мячэць, павялічаная копія некалі разбуранай мячэці 1901 года. Абу-Бякір Шабановіч прыклаў вялізныя намаганні да з’яўлення гэтага рэлігійнага цэнтра для мусульман. Тут не толькі моляцца, але і праводзяць разнастайныя семінары, канферэнцыі, дзіцячыя і сямейныя святы, аказваюць дапамогу маламаёмасным і цяжкахворым. Мінскі дом Алаха існуе на добраахвотныя ахвяраванні. Па ісламскіх законах добрыя справы здзяйсняюцца бескарысна: “Левая рука не павінна ведаць, што дае правая”.

Наш вядомы зямляк – найстарэйшы з муфціяў краін СНД. Ён карыстаецца велізарным аўтарытэтам у асяроддзі не толькі мусульманскага, але і праваслаўнага, каталіцкага і іудзейскага духавенства, з’яўляецца духоўным настаўнікам шматлікіх вядомых прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу, дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў. Чатыры разы запар яго выбіралі на пасаду муфція Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь (упершыню ў 2005 годзе). І сёння ён робіць вялікі ўклад у рост аўтарытэту Рэспублікі Беларусь як краіны канфесійнай талерантнасці і грамадзянскай згоды.

Удастоены многіх высокіх айчынных і замежных узнагарод.

Узнагароды Абу-Бякіра Юх’янавіча Шабановіча

Але дзе б ні быў наш вядомы зямляк, якія б пасады ні займаў, ён заўсёды з любоўю ўзгадвае сваю малую радзіму. З асаблівым гонарам адзначае, што нарадзіўся, вырас і пачаў працоўную дзейнасць на Іўеўшчыне. Ён увесь час вядзе актыўную грамадскую дзейнасць на карысць горада Іўе і Іўеўскага раёна.

У 2021 годзе Абу-Бякір Юх’янавіч Шабановіч падарыў Іўеўскай раённай бібліятэцы калекцыю духоўнай мусульманскай літаратуры (больш за 70 экзэмпляраў). Гэта  кнігі і брашуры Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь, беларускіх і расійскіх выдавецтваў, выданні Упраўлення па справах рэлігіі Турэцкай Рэспублікі, якія растлумачваюць гісторыю веравучэння, сутнасць мусульманскіх абрадаў, норм, правіл і прадпісанняў. Сярод падораных выданняў – Каран на арабскай мове, Каран з паралельным рускім і арабскім тэкстамі і перакладамі сэнсаў, тлумачэнні сур Карана, асновы Ісламу, дзіцячая мусульманская літаратура.

Таксама варта адзначыць кнігу Ул. Ліхадзедава “Беларусь і мусульманскі свет”, якая апавядае пра гісторыю татарскіх паселішчаў на Беларусі з XIV-XV стагоддзяў да нашых дзён, і багата ілюстраваны альбом “Русь татарская”, які расказвае пра гісторыю татара-мусульманскіх абшчын цэнтральна-еўрапейскай часткі Расіі.

Падчас ІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Іўе праз прызму стагоддзяў”, якая адбылася 25 верасня 2024 года, наш вядомы зямляк падарыў Іўеўскай раённай бібліятэцы другое выданне кнігі Ул. Ліхадзедава “Беларусь і мусульманскі свет” (на турэцкай, англійскай, рускай і беларускай мовах) і “Трактат аб польскіх татарах” (на асманскай, сучаснай турэцкай, рускай, беларускай, польскай, англійскай і арабскай мовах).

Пры падрыхтоўцы выкарыстаны матэрыялы:

  • Бутурля, И. За заслуги перед малой родиной / Ирина Бутурля ; фото // Іўеўскі край. —  2023.— 12 ліпеня. — С. 2.

Решением 51-й сессии Ивьевского районного Совета депутатов 28-го созыва звание “Почетный гражданин Ивьевского района” присвоено двум знаменитым землякам, уроженцам Ивьевщины.

  • Викторова, А. В дар — духовное наследие / Алена Викторова ; фото Станислава Зенкевича // Іўеўскі край. —  2024. — 10 красавіка. — С. 3.
  • Высокая місія // Іўеўскі край. — 2024. — 23 лістапада. — № 90. — С. 1.
22 лістапада муфцій мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь, Ганаровы грамадзянін Іўеўшчыны Абу-Бекір Шабановіч адсвяткаваў 85 гадоў з дня нараджэння. Паэт Іван Карэнда прысвяціў Абу-Бекіру Юх’янавічу святочны верш.
 
  • Позняк, М. С особой любовью к малой родине / Марина Позняк // Іўеўскі край. —  2023. — 12 жніўня. — С. 5.

Об Абу-Бекире Юхьяновиче Шабановиче, муфтии Мусульманского религиозного объединения в Республике Беларусь, уроженце Ивья.

Шабановіч Абу-Бякір Юх’янавіч

ГУК “Ивьевская районная библиотека”

Адрес: 231337, Республика Беларусь,

Гродненская обл., г. Ивье, 

ул. 1 Мая, 4

Телефон: + 375 (1595) 69912
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

При использовании материалов
сайта гиперссылка на источник обязательна