• Лёс гэтых вядомых у Беларусі і па-за яе межамі людзей звязаны з нашай малой радзімай: яны нарадзіліся або доўгі час жылі на Іўеўшчыне. Таленавітыя пісьменнікі, мастакі, артысты, вучоныя, святары, спартсмены, ганаровыя грамадзяне горада – Іўеўская зямля багата на выдатных асоб.
На старонках краязнаўчай базы дадзеных “Знакамітыя землякі”, работа над якой пачалася ў 2016 годзе, змяшчаецца біяграфічная, фактаграфічная і бібліяграфічная інфармацыя, якая датычыцца вядомых землякоў, шмат цікавых фактаў: дасягненні вядомых людзей, гісторыі з жыцця і г.д. Матэрыялы дапоўнены фатаграфіямі, электроннымі дакументамі (электронныя копіі артыкулаў з газет і часопісаў) і відэазапісамі (пры іх наяўнасці). Пошук інфармацыі ажыццяўляецца па персаналіях, размешчаных у алфавітным парадку.
Мы па меры сваіх магчымасцяў будзем пашыраць першапачатковы спіс знакамітых людзей Іўеўскага краю, дапаўняць звесткі.
Звяртаемся за дапамогай да ўсіх, хто валодае дакладнай інфармацыяй пра нашых землякоў і жадае прыняць удзел у папаўненні (удакладненні) прадстаўленай базы дадзеных.
• Іўеўшчына – зямля з багатай шматвяковай гісторыяй. Сведчаннем гістарычных падзей, якія адбываліся тут у розны час і пакінулі пэўны след, з’яўляецца наяўнасць на тэрыторыі Іўеўскага раёна мноства помнікаў і памятных месцаў. Старажытныя курганы і руіны замка Гаштольдаў у Геранёнах, палац Умястоўскіх, помнікі культавага дойлідства… – нам ёсць што захоўваць і ёсць чым ганарыцца.
Пры падрыхтоўцы базы дадзеных выкарыстаны як бібліяграфічныя, так і паўнатэкставыя матэрыялы, дакументы з фондаў ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка”, а таксама з асабістых архіваў мясцовых краязнаўцаў. Выкарыстаны некаторыя фотаздымкі і публікацыі з вольных крыніц сеткі Інтэрнэт.
Запрашаем карыстальнікаў, якія цікавяцца гісторыяй нашага краю, пазнаёміцца з рэсурсамі базы дадзеных. Па меры паступлення новай інфармацыі раздзелы будуць дапоўнены.
Будзем вельмі ўдзячны за дапамогу ва ўдасканаленні інфармацыі (заўвагі, прапановы, невядомыя звесткі з гісторыі Іўеўшчыны, архіўныя дакументы і фотаздымкі).