Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Мікалаева Іўеўскага раёна было 67 двароў і больш за 400 жыхароў, працавала пачатковая школа. Восенню 1941 года вёска была спалена, і толькі пасля заканчэння вайны яе адбудавалі.
Паводле ўспамінаў мясцовай жыхаркі Анастасіі Аляксандраўны Журомскай, якой падчас трагедыі было 12 гадоў, прычынай для знішчэння населенага пункта стала помста карнікаў за паспяховую засаду партызан. Вёска Мікалаева была спалена фугаснымі бомбамі падчас 3-х варожых авіяналётаў восенню 1941 года. Мясцовыя жыхары, якія выжылі, засталіся на зіму без прытулку і назапашаных кармоў для жывёлы.
Уцалела царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы, якая была пабудавана яшчэ ў пачатку 1920-х гадоў. На яе тэрыторыі ў 1987 годзе быў устаноўлены помнік воінам-землякам, якія загінулі ў гады вайны. На памятных плітах пазначаны імёны і прозвішчы 54-х загінуўшых партызан, якія прымалі ўдзел у разгроме нямецкага гарнізона ў вёсцы Лугамавічы і іншых баявых аперацыях.

