Падзеі першай рускай рэвалюцыі ўскалыхнулі працоўных Ашмянскага павета Віленскай губерніі. У Іўі актыўна дзейнічала створаная яўрэямі ячэйка РСДРП, праходзілі мітынгі і дэманстрацыі рабочых.
У красавіку 1907 года на Беларусі пракацілася хваля першамайскіх стачак.
1 мая 1907 года ў Іўі адбылася апошняя палітычная стачка на Беларусі. Пасля паражэння рэвалюцыі 1905-1907 гадоў пачалася рэакцыя. Многія жыхары Іўя і бліжэйшых вёсак пакідалі радзіму ў пошуках лепшай долі.
Летам 1914 года пачалася Першая Сусветная вайна. Іўеўшчына ў хуткім часе апынулася ў зоне баявых дзеянняў, была акупіравана германскімі войскамі (з верасня 1915 г. да красавіка 1919 г.). Да сённяшняга дня захаваўся будынак, у якім размяшчалася ваенная камендатура.У канцы 1918 і пачатку 1919 года Чырвоная Армія пры дапамозе партызанскіх атрадаў вызваліла ад немцаў амаль усю тэрыторыю Беларусі. Засталіся пад акупацыяй толькі Ашмяншчына і Іўе. У жніўні 1919 года ў раёне Іўя праходзілі жорсткія баі часцей Чырвонай Арміі з польскімі войскамі, якія захапілі тэрыторыю Іўеўшчыны пасля адыходу германскіх войск у канцы красавіка.
Па ўмовах рыжскага мірнага дагавора, які быў заключаны 18 сакавіка 1921 года, Іўеўскія землі адыйшлі да Польшчы. З гэтага часу Іўе – цэнтр гміны Валожынскага, а з 1926 года Лідскага паветаў Наваградскага ваяводства.
У 20-я гады насельніцтва Іўя складала каля 5 тысяч чалавек. Можна сказаць, што Іўе ў тыя гады было бойкім гандлёвым мястэчкам, таму што праз яго пралягалі гандлёвыя тракты і шляхі на поўнач і ўсход. Дзейнічала чыгунка, пракладзеная немцамі яшчэ ў першую сусветную вайну.
У 1926 годзе на рацэ Іўянка пачаў працаваць вадзяны млын Хаіма Нахімоўскага.
Але асаблівай прамысловасці не было. Старажылы сцвярджаюць, што быў пабудаваны толькі тартак, да якога са ст. Гаўя цягнулася вузкакалейка. У 1922 годзе пры ім пабудавалі невялікую электрастанцыю, якая забяспечвала электрычнай энергіяй усё мястэчка.
Хутка развіваўся гандаль. У 20-30-я гады на тэрыторыі Іўеўшчыны было 130 магазінаў, тавары ў якіх былі амаль усе прывазныя.
Кожную сераду ў Іўі праходзілі кірмашы, на якія з’язджаліся людзі зблізку і здалёку, нават заможныя не праміналі гэтыя кірмашы, дзе можна было купіць усё, што захочаш. Жыхары блізляжачых вёсак прыязджалі на фурманках, а самыя заможныя – на веласіпедах.
У 1921-1923 гадах у Іўі дзейнічаў прытулак для дзяцей-сірот, але хутка яго закрылі з-за недахопу фінансавых сродкаў на яго ўтрыманне.
Дзейнічалі паліцэйскі ўчастак, гміна, натарыус, судовы выканаўца, каморнік, суд. У суд людзі звярталіся па самых розных справах, часта па вельмі нязначных, дробных пытаннях, напрыклад, калі паміж жыхарамі ўзнікалі спрэчкі, якія нярэдка заканчваліся крывавай расправай. Гэта здаралася найчасцей таму, што ў асноўнай сваёй масе насельніцтва было няграматным, цёмным, некультурным, жыло толькі матэрыяльнымі інтарэсамі. Асабліва гэта было бачна пры заключэнні шлюбу, калі звярталася ўвага на заможнасць жаніха і нявесты.
Па той жа прычыне не вельмі шанавалі акружаючую прыроду. Яна была бедная, і асабліва яскрава відаць па таму, у якім стане знаходзіліся шматлікія лясы, якія акружалі Іўе. З-за актыўнай вырубкі яны былі забруджаны, знішчаны рэдкія пароды дрэў. Аб гэтым сведчыў у сваёй манаграфіі Уладзіслаў Мольскі, галоўны ляснічы ў 1932 годзе.
У гэты час Іўе было мястэчкам беларуска-яўрэйска-польскім з невялікай колькасцю татараў. Яўрэі мелі чатыры сінагогі і яўрэйскую школу.
Працавалі таксама польскія школы, у 1922 годзе на сродкі татараў Амерыкі была адкрыта татарская школа. Католікі складалі 71%, праваслаўных было каля 150 чалавек. У асноўным гэта былі людзі, якія прыехалі на Іўеўшчыну ў пошуках заробку. Царквы ў Іўі не было, таму праваслаўныя вернікі звярталіся ў вёскі Морына, Мікалаева ці Юрацішкі.
Становішча беларускага насельніцтва ў той час было надзвычай складаным, бо акрамя сацыяльнага ўціску ва ўмовах эканамічнага крызісу 1930-х гадоў, яно падвяргалася і нацыянальнаму. Польскі ўрад праводзіў тут палітыку паланізацыі і акаталічвання насельніцтва. Лепшыя землі былі аддадзены ў рукі асаднікаў. У Іўі самыя бедныя людзі жылі на Пясках (цяпер гэта тэрыторыя вакол старых гарадскіх могілак). Гміна рабіла выгляд, што хоча дапамагчы бедным, але на самай справе ніякай дапамогі не аказвала.
Мястэчка глядзелася даволі шэра. Паабапал вузкіх, крывых вуліц мясціліся нізкія “сляпыя” пабудовы.
У 1929 годзе Іўе моцна пацярпела ад пажару. Першым раптоўна загарэўся магазін яўрэя Копальда. У хуткім часе агонь перакінуўся на бліжэйшыя дамы, а далей пайшоў гуляць ледзь не па ўсяму мястэчку. Як успамінаюць старажылы, пажар быў страшны, чорны дым вялізнай хмарай закрыў сонца.
Вялікая колькасць будынкаў згарэла, многія былі пашкоджаны і патрабавалі рамонту. Сотні пагарэльцаў засталіся без вопраткі, мэблі, жылля. Доўга яшчэ па навакольных вёсках хадзілі жабракі з Іўя, прасілі ахвяраваць капейку-другую на ўзвядзенне новага дома.
Дзесьці праз год-другі згарэўшыя да попелу вуліцы Бернардынская, Конская, Мікалаеўская, Віленская цалкам аднавіліся.
Згодна плана і пад кантролем дзяржаўных улад было пабудавана больш за 200 цагляных будынкаў, але ўсе яны ў асноўным належалі яўрэям, таму што яны былі найбольш заможныя і мелі магчымасць будаваць даволі дарагія цагляныя будынкі. Яны, як правіла, былі двухпавярховыя. На першым паверсе звычайна размяшчаўся магазін, ці майстэрня, на другім жыла сям’я.
Непамерныя падаткі і нядоімкі, самавольства паліцыі і секвестараў, праследаванні праваслаўнай веры, культуры штурхалі людзей да актыўнага супраціўлення правячым класам. На Іўеўшчыне разгортваецца беларускі грамадскі і культурна-асветніцкі рух. Моладзь выдавала лістоўкі, інтэлігенцыя арганізоўвала мітынгі і сходкі. 6 снежня 1925 года ў Іўі адбыўся мітынг супраць польскіх улад, іх палітыкі апалячвання беларусаў. Але ўсе выступленні сялян, дзейнасць падпольшчыкаў жорстка падаўляліся паліцыяй, тым больш, што шляхта і памешчыкі не падтрымлівалі просты народ.
Не спрыяла тагачаснае палітычнае становішча і развіццю культуры. Панская Польшча прызнавала толькі польскую культуру. Беларуская культура і літаратура былі пад забаронай. Тым самым польскі ўрад груба парушаў палажэнні Версальскага трактата, Рыжскага мірнага дагавору і Польскай Канстытуцыі 1921 года, якія гарантавалі свабоднае развіццё нацыянальных меншасцяў. Праследаваўся прагрэсіўны беларускі друк, беларусы не дапушчаліся на дзяржаўную службу.
У 1926 годзе была створана беларуская сялянска-рабочая грамада (БСРГ), якая пачала весці барацьбу за адраджэнне беларускай нацыянальнай ідэі.
Суполка гэтай арганізацыі дзейнічала таксама ў Іўі і праводзіла актыўную работу па развіцці культуры. Працаваў Народны дом, які выкарыстоўвалі мясцовыя арганізацыі і касцёл для сваіх патрэб. Пры Народным доме была бібліятэка, якая налічвала каля 300 экзэмпляраў кніг. У гэтым доме размяшчаліся прыезджыя гастрольныя тэатральныя трупы, якія давалі прадстаўленні на вялікія рэлігійныя святы. Наведваліся ў Іўе і цыркачы-вандроўнікі, якія паказвалі розныя фокусы, напрыклад, тапталіся па бітым шкле, што прыводзіла ў захапленне ўсіх прысутных. На гэтыя прадстаўленні збіралася нямала мясцовых жыхароў, каб паглядзець на дзіўнае відовішча.
Пры гмінах былі арганізаваны паштовыя аддзяленні, якія займаліся не толькі перасылкай паштовай карэспандэнцыі, але і распаўсюджваннем газет. У 30-я гады газеты ў асноўным прывозілі з Вільні, яны былі на польскай мове. Расце падпіска на рэлігійныя перыядычныя выданні “Штотыднёвік каталіцкі”. “Наш сябра”, “Малы дзеннік”, “Рыцар непакаляны” і іншыя. У найбольш адукаваных людзей, у асноўным у настаўнікаў, было радыё, у некаторых – нават лямпавае, са слухаўкамі. Працавала невялікая прыватная бальніца, якая дзейнічала і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яна размяшчалася ў прыстасаваных будынках мясцовых яўрэяў.
З 1930 года быў адкрыты аўтобусны рух у Ліпнішкі, Ліду, а ў 1936 годзе – праз Геранёны ў Вільню.
У 1936 годзе была пабудавана брукаваная дарога агульнага карыстання, якая злучыла Іўе праз вёскі Ліпнішкі і Гаўя з Лідай. У 1937 годзе пабудаваны чыгуначны вакзал для абслугоўвання грамадзян, якія карысталіся вузкакалейкай Іўе-Гаўя.
Асаблівае развіццё атрымала мястэчка пасля таго, як перайшло ў 1937 годзе ва ўласнасць яўрэя Гарацыя Геллера, родам з Варшавы. Адміністратарам Іўя ён паставіў мясцовага прадпрымальніка Хаіма Нахімоўскага.
У 1937 годзе для местачковай моладзі па ініцыятыве гміны пачаў працаваць стадыён, створаны філіял сялянскага аб’яднання па закупцы сельскагаспадарчай прадукцыі.
Адным з аспектаў культурнага развіцця рэгіёну з’яўляецца развіццё яго духоўнай культуры, традыцый і абрадаў, якія бытуюць ў дадзенай мясцовасці.
У Іўі вяселлі гулялі па два дні. Для музыкі выкарыстоўвалі цымбалы, скрыпку і гармонік. Больш заможныя сем’і запрашалі яўрэйскі аркестр, які складаўся з дзвюх скрыпак і кларнета. Па нявесту жаніх ехаў з картэжам прыбраных вазкоў.
Вяселлі часцей за ўсё гулялі летам, зыходзячы з матэрыяльных інтарэсаў. Па-першае, не трэба было карміць коней, на якіх прыязджалі госці, па-другое, на наступны дзень пасля вяселля маладая жонка магла ісці працаваць у поле.
Пахаванні праводзіліся па хрысціянскіх абрадах, без выпіўкі, абавязкова пасля малітвы ў касцёле, чаго нельга сказаць пра пахаванне дзяцей, якіх у наспех зробленых трунах адразу везлі на мясцовыя могілкі.
Пахавальныя песні былі вельмі манатонныя і непрыгожыя, таму што не хапала мужчынскіх галасоў. Непасрэдна на пахаванні дазвалялася спяваць толькі мужчынам, а жанчыны маглі толькі “вылічаць”, у чым яны былі вялікія майстрыцы. У разуменні людзей галашэнне – гэта добры знак і гаворыць аб вялікім горы і ўтраце.
Найбольш ярка палітыка парушэння Рыжскага мірнага дагавору праявілася ў вобласці народнай адукацыі.
На працягу 10-ці гадоў праводзілася работа па закрыццю беларускіх школ. Пачынаючы з 1930 года на тэрыторыі раёна дзейнічалі толькі школы з польскай мовай навучання і абавязковым выкладаннем закона божага.
У Іўі былі дзве школы: агульнаславянская сямігадовая і яўрэйская, акрамя гэтага – рэлігійная школа ішыбот, у якой выкладалі іудзейскую рэлігію. У 1935 годзе была пабудавана яшчэ адна школа, двухпавярховая. Кошт яе складаў 100000 злотых. Пры будаўніцтве былі дапушчаны вялікія памылкі, і, яшчэ не ўведзеная ў строй, школа пачала рушыцца. Але ўрэшце яна была ўзведзена, і размяшчалася ў раёне Пяскоў, пры ўездзе ў Іўе з боку Ліпнішак. Будынак быў вельмі змрочны, пануры, напамінаў больш турму, чым школу. Кожны вучэбны дзень пачынаўся з малітвы. Акрамя гэтага, кожную суботу каталіцкія ці праваслаўныя свяшчэннікі чыталі закон божы. Настаўнікі былі як мясцовыя, так і прыезджыя. Вучэбны год заканчваўся 21 чэрвеня, складаўся з 2 паўгоддзяў, размежаваных зімовымі канікуламі, і доўжыўся 10 месяцаў. Асенніх і вясенніх канікулаў не было. Для кантролю за поспехамі вучняў на працягу некалькіх гадоў вяліся кнігі адзнак.
У верасні 1939 года на тэрыторыю Заходняй Беларусі ўваходзяць войскі Чырвонай Арміі.
Працоўныя Іўя, як і ўсіх населеных пунктаў Заходняй Беларусі, сустракалі Чырвоную Армію па народнаму звычаю – з хлебам-соллю і кветкамі. Насельніцтва разумела, што пачалося новае жыццё. Асабліва гэта было актуальным для беднаты і батракоў, якія з прыходам Чырвонай Арміі атрымалі зямлю, а беспрацоўныя – работу.
З першых дзён вызвалення ў былых ваяводскіх і павятовых цэнтрах ствараліся часовыя ўпраўленні і камітэты. У іх састаў уваходзілі ўпаўнаважаныя ад ЦК КП(б) Беларусі, рабочыя, сяляне, інтэлігенцыя. У Іўі часовы камітэт узначаліў Р.Я.Блох.
У 1940 годзе Іўе і Юрацішкі становяцца раённымі цэнтрамі Баранавіцкай вобласці. У красавіку гэтага ж года прайшла раённая партыйная канферэнцыя. Першым сакратаром РК КП(б) быў выбраны Ківа Лейбавіч Нафтулін. Актыўным памочнікам партыі стаў камсамол.
Значнай падзеяй у жыцці насельніцтва Іўескага раёна сталі выбары ў Вярхоўны Савет СССР і БССР. А 15 снежня 1940 года адбыліся выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных, якія завяршылі працэс стварэння савецкіх органаў на месцах.
На першай сесіі райсавета старшынёй быў абраны Ісак Лейбавіч Рогаў. Першым старшынёй Райспажыўсаюза стаў Маісей Міронавіч Кошчар.
Адбываліся значныя змены ў развіцці культуры, адукацыі, павышэнні матэрыяльнага ўзроўню працоўных.
У Іўі дзейнічала пачатковая школа, адкрылася сярэдняя школа, раённы Дом культуры, пашырылася бальніца, медыцынская дапамога стала бясплатнай.
З усталяваннем савецкай улады пачынаецца калектывізацыя. У пяці вёсках Іўеўшчыны вясной 1940 года былі арганізаваны калгасы.
Разам з пераўтварэннямі па Іўеўшчыне пракацілася хваля рэпрэсій супраць мясцовага насельніцтва, вынікам якіх была дэпартацыя вялікай колькасці (звыш 480 чалавек) жыхароў раёна ў Казахстан, Сібір і на Поўнач, многія загінулі ў засценках НКУС, турмах і лагерах. Усе значныя партыйныя і савецкія пасады займалі прысланыя з Расіі служачыя, якія не прызнавалі звычаі і мову мясцовага насельніцтва. Польскія школы былі зачынены. У Іўі пачала працаваць руская школа №1.