Выстаўка-экспазіцыя “Скарбы з вясковых куфраў”

Яшчэ сто гадоў таму назад куфар займаў пачэснае месца ў кожнай вясковай хаце. У ім захоўвалі святочнае адзенне, сувоі палатна, ручнікі, абрусы і розныя тэкстыльныя і побытавыя рэчы. Большасць з іх была выткана з самапрадзеных ільняных ці шарсцяных нітак на звычайных кроснах. Усё пакладзенае ў куфар было старанна вымыта, да бляску выкачана качалкамі і акуратна згорнута. Куфар быў прадметам гонару кожнай руплівай гаспадыні.

У Іўеўскай раённай бібліятэцы ў рамках праекта “Бібліятэка за шклом” аформлена выстаўка-экспазіцыя “Скарбы з вясковых куфраў”, на якой прадстаўлены беларускія саматканыя посцілкі і ручнікі, вышываныя сурвэткі, элементы вышыванага адзення, ільняныя ніткі, з якіх ткалі ручнікі, а таксама качалка і валак, якімі гаспадыня качала ільняную бялізну і кнігі з фонду бібліятэкі па тэме выстаўкі.