“Кніжны фарватар” па роднай зямлі

14 мая ў рамках праекта “Кніжны фарватар” супрацоўнік аддзела абслугоўвання і інфармацыі Іўеўскай раённай бібліятэкі правяла Дзень гучнага чытання “Мая цудоўная Радзіма”.

Падчас сустрэчы вучні 4 “Б” класса сярэдняй школы пазнаёміліся з біяграфіяй вядомага беларускага паэта Міхася Пазнякова і адкрылі для сябе яго новы зборнік. Кніга “Мая цудоўная Радзіма” аб’яднала вершы пра любоў да Бацькаўшчыны, нашы дзяржаўныя сімвалы, багацце і прыгажосць роднай зямлі. Паэт услаўляе мужнасць і працавітасць людзей, прыгожыя мары і памкненні, вучобу і добрыя справы хлопчыкаў і дзяўчынак.

Дзеці з вялікім імпэтам чыталі ўслых лірычныя радкі з розных раздзелаў зборніка: “Радзіма наша – Беларусь”, “Працу кожную шануй”, “Наша дружная сям’я”,  “Песня прыроды” і інш.  

Мерапрыемства стала яшчэ адной яскравай старонкай праекта, якая аб’яднала юных чытачоў вакол лепшых узораў айчыннай літаратуры і падарыла ім выдатную магчымасць адчуць мілагучнасць, прыгажосць і сапраўдную глыбіню роднай мовы.