29 чэрвеня 1941 года гітлераўцы акупіравалі тэрыторыю Іўеўскага раёна.
Абаранялі яго воіны 24-й Самара-Ульянаўскай жалезнай стралковай дывізіі, якая ўваходзіла ў склад 13-й арміі. Часці дывізіі, якой камандаваў генерал-маёр К.М.Галіцкі, у ходзе баёў падбілі і спалілі больш за 100 варожых танкаў ібронетранспарцёраў, збілі 8 самалётаў, нанеслі ўрон жывой сіле праціўніка. Аднак пад націскам пераўзыходзячых сіл ворага вымушаны былі адступіць.
Першыя дні вайны, жорсткія баі каля Іўя апісаў у сваёй аповесці “Человек не сдается” вядомы пісьменнік Іван Стаднюк, які напярэдадні вайны некаторы час служыў ваенным карэспандэнтам у 209-й мотастралковай дывізіі, штаб якой размяшчаўся каля касцёла ў Іўі. Падзеі ў аповесці сапраўдныя, толькі назва “Іўе” зменена на “Ільча”.А вось як апісвае першыя дні вайны ў Іўі ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, жыхар вёскі Баромля Сумскай вобласці Міхаіл Аляксеевіч Сіманаў:
У буйных населеных пунктах (Іўі, Юрацішках, Трабах, Лаздунах, Бакштах і інш.) былі размешчаны нямецкія гарнізоны. Іўеўская камендатура размяшчалася ў будынку, дзе зараз знаходзіцца бібліятэка. Камендатура, раённыя ўправы кіравалі жыццём сялян.Усе мерапрыемствы акупацыйных улад праводзіліся жорсткімі метадамі, у выніку чаго цярпела мірнае насельніцтва.
У першую чаргу фашысты распраўляліся з партыйнымі, савецкімі, камсамольскімі работнікамі, беспартыйнымі актывістамі, салдатамі і афіцэрамі Чырвонай Арміі, якія не паспелі эвакуіраваццца або трапілі ў акружэнне. Так, у жніўні 1941 года было расстраляна 220 чалавек ва ўзросце ад 20 да 40 гадоў. У гарадскім пасёлку Юрацішкі гітлераўцы сагналі ў хлеў і спалілі больш за 100 старых, жанчын, дзяцей.
Агульнаму знішчэнню падлягалі яўрэі. Немцы неаднаразова ўчынялі пагромы. У лютым 1942 года у цэнтры мястэчка немцамі было створана гета, у якім знаходзілася каля 3 тысяч яўрэяў. Апрача мясцовых, у яго звозілі яўрэяў з усяго Іўеўскага раёна. 12 мая 1942 года ўсё яўрэйскае насельніцтва гета было вывезена ва ўрочышча каля в.Стоневічы і расстраляна. Зараз на тым месцы знаходзяцца памятныя могілкі, створаны мемарыяльны комплекс.
Па сведчанні відавочцаў тых падзей у 1943 г. фашысты расстралялі яшчэ 38 яўрэяў ва ўзросце ад 2 да 50 гадоў.
Нямецкае камандаванне ў поўную сілу праводзіла ў жыццё сваю дактрыну аб пераразмяшчэнні працоўных рэсурсаў, перасяленні насельніцтва на акупіраванай тэрыторыі.
У ліпені 1942 года на чыгуначную станцыю Гаўя прыбыў таварны вагон з эвакуіраванымі з Расіі. Уся група перасяленцаў была дастаўлена ў Іўе. У асноўным гэта былі дзеці, бацькі якіх ці прапалі ў завірусе вайны, ці былі вывезены на катаржныя работы ў Германію. Перасяленцам прадаставілі жыллё ў пуставаўшых яўрэйскіх дамах, гаспадароў якіх 12 мая 1942 года немцы расстралялі. А з 12 лістапада 1942 года быў створаны сіроцкі дом.
Акупанты разлічвалі запалохаць людзей, падарваць імкненне насельніцтва да супраціўлення. Але зверствы фашыстаў толькі ўзмацнілі нянавісць народа. Насельніцтва збірала зброю, боепрыпасы, сабатавала распараджэнні нямецкіх улад. На падставе спецыяльнай пастановы ЦК ВКП(б) “Аб арганізацыі барацьбы ў тыле германскіх войск” ад 18.07.1941 года сталі ўтварацца падпольныя райкомы партыі. Іўеўскі падпольны райком партыі быў утвораны 11.07.1943 года і дзейнічаў да 06.07.1944 года. Ён меў свой друкаваны орган: газету-лістоўку “Мститель”. Нягледзячы на параўнальна невялікія тыражы, падпольная газета адыграла велізарную ролю ў пашырэнні партызанскага руху, актывізацыі барацьбы працоўных з акупантамі. Яна дапаўняла выданні, якія прысылалі з-за лініі фронту, з’яўлялася важным сродкам масава-палітычнай работы сярод партызан і насельніцтва.
У 1943-1944 гадах значную дапамогу Чырвонай Арміі аказвалі партызанскія атрады, якія сваімі барацьбой набліжалі вызваленне. Акрамя баявых дзеянняў, партызаны вялі шырокую масава-палітычную работу сярод насельніцтва. Былі створаны пастаянныя прапагандысцкія групы, якія праводзілі раз’ясняльную работу, выкрывалі “новыя парадкі”, друкавалі лістоўкі, зводкі інфармбюро, вялі з насельніцтвам гутаркі, праводзілі нарады, вялі работу па разлажэнню варожых фарміраванняў.
З 23 чэрвеня 1944 года пачалася буйнейшая ў гісторыі вайны аперацыя “Баграціён” па вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у ходзе якой знявечаная і стаптаная зямля Іўеўшчыны стала свабоднай.
Іўе было вызвалена 7 ліпеня 1944 года, пасля двухгадзіннага бою з немцамі 65-га і 86-га кавалерыйскіх палкоў пры падтрымцы 1679-га артылерыйска-мінамётнага палка і самаходнай знішчальнай брыгады 32-й кавалерыйскай Смаленскай Чырвонасцяжнай дывізіі 3-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса 3-га Беларускага фронту пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Н.С.Аслікоўскага.
Іўе было даволі моцным абаронным вузлом фашыстаў. Праціўнік страціў 130 салдатаў забітымі і 96 было ўзята ў палон, знішчана 40 аўтамашын, адзін “Фердынанд”, адзін “Тыгр”, артылерыйская батарэя. Пасля вызвалення Іўя ў акружэнне папала часць вайсковых падраздзяленняў праціўніка. Для іх ліквідацыі 10 ліпеня ў складзе брыгады “Вперед” быў створаны атрад па знішчэнню праціўніка.
За 3 гады гады акупацыі раёна нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі 3885 чалавек, у тым ліку 1615 жанчын і 736 дзяцей. А наогул, у гады Вялікай Айчыннай вайны загінула 2826 чалавек, з іх 56 не вярнуліся з фронту.