Русский БелорусскийАнглийскийНемецкийЛитовскийПольскийУкраинский

Государственное учреждение культуры

Ивьевская районная
Библиотека

Адрес: 231337, Республика Беларусь,
Гродненская обл., г. Ивье, ул. 1 Мая, 4

Режим работы

Телефон: + 375 (1595) 69912
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

Menu
Close
Skip to content

Помнікі перыяду Першай сусветнай вайны

У канцы верасня 1915 года на тэрыторыі Іўеўскага раёна разгарнуліся баявыя дзеянні паміж рускімі і германскімі войскамі. Згодна дакументальным крыніцам*, падчас актыўных баявых дзеянняў (з 20 па 26 верасня 1915 года) тут знаходзіліся наступныя часці кайзераўскай арміі: 11-ландверная брыгада (75-ы і 76-ы ландверныя пяхотныя палкі), 7-я ландверная брыгада (5-ы і 18-ы пяхотныя палкі); 169-я ландверная брыгада (61-ы і 99-ы палкі); 50-я рэзервовая дывізія (99-я рэзервовая брыгада (рэзервовыя пяхотныя палкі №№ 229, 230, 231); 83-я і 86-я пяхотныя дывізіі (165-я, 166-я, 171-я, і 172-я брыгады (па 2 палкі кожная)); 85-я ландверная дывізія (брыгада № 170 (17-ы і 21-ы палкі); 1-я ландверная дывізія (6-я ландверная брыгада (34-ы і 49-ы палкі); 34-я змешаная ландверная брыгада (31-ы, 33-ці і 84-ы палкі).

Іўеўшчына была акупіравана немцамі з верасня 1915 г. да красавіка 1919 г. На паўднёвым усходзе нашага раёна лінія фронту з верасня 1915 па люты 1918 года праходзіла па рацэ Бярэзіна. Большая ж частка тэрыторыі раёна апынулася ў тыле кайзераўскіх войскаў.

Нямецкі дот часоў Першай сусветнай вайны на тэрыторыі аг.Морына

Для ўмацавання сваіх пазіцый немцамі былі ўзведзены ўздоўж лініі фронту абарончыя збудаванні: акопы, траншэі, бетонныя доты і бліндажы. Рэшткі гэтых умацаванняў і земляных акопаў захаваліся ў ваколіцах вёсак Бакшты, Шчупаковы Бор, Морына.

Выяўленыя абарончыя збудаванні можна падзяліць на тры тыпы: доўгачасовыя агнявыя кропкі (доты), размешчаныя ў вёсцы Бакшты і аграгарадку Морына, а таксама ў раёне р.Нёман; бліндажы – каля вёскі Бакшты і назіральныя пункты – у наваколлі вёсак Шчупаковы Бор-1 і Шчупаковы Бор-2, берагавой лініі ракі Бярэзіна.

На ўскраіне могілак у вёсцы Бакшты захаваліся два абарончых збудаванні Г-абразнай формы. Даўжыня пярэдняй і задняй частак складае 8 м., памер бакоў – 6 і 4 м. У пярэдняй і бакавой частках размешчаны амбразуры. Перад кожнай з іх маецца адкрытая бятонная пляцоўка памерам 1,5х1,0 м. для устаноўкі кулямётаў. У задняй частцы абарончага збудавання знаходзяцца тры асобных ўваходы. Унутры памяшканне падзелена на дзве часткі, звязаныя паміж сабой скразнымі праходамі, таксама ёсць асобнае памяшканне, у бакавой сцяне якога ёсць шчыліна для назірання за мясцовасцю. Дадзенае памяшканне, па ўсёй бачнасці, выкарыстоўвалася як склад для захоўвання баепрыпасаў, якія падаваліся ў галоўную частку праз спецыяльнае акенца квадратнай формы. Столі ўмацаваныя падоўжнымі металічнымі палосамі, над амбразурамі, для трываласці, пракладзены рэйкі. Сістэма вентыляцыі складаецца з чатырох адтулін круглай формы ў столі. Пры стварэнні дадзенага тыпу ўмацаванняў ўжываўся змешаны тып будаўніцтва: пярэдняя частка ўяўляе сабой маналіт, тыльная частка і перагародкі ўнутры збудавання зроблены з бетонных блокаў, змацаваных паміж сабой падоўжнай жалезнай арматурай. Другое збудаванне, якое знаходзіцца побач, мае цалкам аналагічную канструкцыю. Праўда, ступень яго захаванасці з’яўляецца меншай, так як яно знаходзіцца ў двары жылога дома і прыстасавана пад гаспадарчыя патрэбы.

Камендатура ў Іўі

Большасць сядзібных дамоў у мясцовых маёнтках (Іўе, Лаздуны, Юрацішкі, Жамыслаўль, Ліпнішкі, Лугамавічы) былі прыстасаваны пад жыллё для нямецкіх генералаў і афіцэраў, а таксама пад штабы кайзераўскіх вайсковых частак. 

Да сённяшняга дня ў Іўі захаваўся будынак, у якім размяшчалася ваенная камендатура (у доме Ц.Ашэроўскага). Будынак гарадской управы і ўсе тры сінагогі былі занятыя пад палявыя шпіталі.

Нямецкі лекар Мігэ арганізаваў бурэнне артэзіянскай сважыны, пракладку труб і тым самым вырашыў праблему водазабеспячэння. Крыніца была названа па прозвішчу свайго першаадкрывальніка – “Калодзеж Мігэ”. У сучасны перыяд Іўеўская крыніца з’яўляецца адной са славутасцей горада*.

У лесе, побач з Дайлідамі, быў пабудаваны аэрадром для некалькіх самалётаў, якія ўжо пачалі выкарыстоўваць у баях германскія войскі. З таго часу і лес сярод мясцовага насельніцтва пачалі называць “лётчыцкім”.

Памятны знак у Юрацішках

Пэўным сведчаннем таго, што ў Юрацішках была раскватаравана 85-я нямецкая пяхотная дывізія Ландвер, з’яўляецца памятны знак – мемарыяльны камень з надпісам на нямецкай мове. На станцыю Юрацішкі прыбывалі шматлікія нямецкія цягнікі з ваеннымі грузамі, а адпраўляліся эшалоны з нашым лесам і нарабаваным ў мясцовых жыхароў скарбам. У 1915-1916 гг. германцы прымусілі жыхароў Іўеўшчыны будаваць вузкакалейныя жалезныя дарогі (Юрацішкі-Лаздуны-Песевічы, Юрацішкі-Крычнікі-Эйгерды і Юрацішкі-Такарышкі).

У Юрацішкаўскай Свята-Мікалаеўскай царкве акупанты размясцілі штабны шпіталь. Памерлых ад ран нямецкіх салдат хавалі ў двары царквы. Да нашых дзён захаваліся магілы гэтых салдат. Пасля шпіталь перанеслі ў прыватную хату, а потым – у дом пана Валіцкага, што размяшчаўся ў в.Савічы (3 кіламетры на паўднёвы ўсход ад Юрацішак). Там, на ўскрайку леса, засталіся нямецкія могілкі. Нямецкі шпіталь знаходзіўся і каля в.Шыльвы. У сучасны перыяд усё зарасло лесам, пра месца, дзе раней былі могілкі (больш за 30), сведчыць драўляны крыж з надпісамі.

 

 

На тэрыторыі Іўеўскага раёна захавалася шмат нямецкіх пахаванняў (адзіночных і брацкіх магіл): у в.Козевічы, Чапунь, Мільва-Бярэзіна, Баравікі і г.д. Усяго ў Іўеўскім раёне пахавана 237 салдат часоў Першай сусветнай вайны.

Нямецкія пахаванні
каля царквы ў Юрацішках
Воінскае пахаванне ў выглядзе каменнай піраміды на нямецкіх могілках, в.Козевічы
Каменны помнік прамавугольнай формы на нямецкіх могілках, в.Чапунь
Брацкая магіла
нямецкіх салдат,в. Баруцішкі
Металічны крыж на воінскіх могілках нямецкіх салдат,
в. Гіровічы

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 


*Дадзеныя, якія падрабязна апісваюць баявы шлях асобных падраздзяленняў германскай арміі тых часоў, заснаваны на шасці  “палкавых гісторыях”, прадастаўленых нямецкімі грамадзянамі ў пасляваенны час (створаны на базе афіцыйных журналаў баявых дзеянняў, ўспамінаў і дзённікаў ваеннаслужачых). Матэрыялы сабраны краязнаўцамі А.Г. Васілеўскім і А.А. Рыцікавым [2].

*У 1998 годзе на падставе матэрыялаў, прадстаўленых Інстытутам геалагічных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, рашэнняў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь і Іўеўскага райвыканкама  крыніца была абвешчана рэспубліканскім геалагічным помнікам. Гэта крыніца, як апісвае ў сваёй даследчай працы супрацоўнік Інстытута геалагічных навук В.Вінакураў, належыць да досыць рэдкага ва ўмовах Беларусі тыпу ўзыходзячых крыніц, выхад вады з якіх адбываецца пад напорам. Якасць вады вельмі высокая, хімічны склад блізкі да натуральнага гідрахімічнага фону грунтовых водаў Беларусі [7].

  

Дадатковыя матэрыялы:

Василевский, А. Похороните последнего солдата Великой войны, или Забытые у Гирович…: о событиях Первой мировой войны / А. Василевский // Іўеўскі край. — 2014. — 27 верасня. — С. 16; — 4 кастрычніка. — С. 16; — 11 кастрычніка. — С. 12; — 18 кастрычніка. — С. 12. — Режим доступа.

  

Бібліяграфія:

  1. Беларусь в годы Первой мировой войны (1914 – 1918): сборник документов. — Минск: Беларусь, 2014. — 355 с.

  2. Василевский, А. Похороните последнего солдата Великой войны, или Забытые у Гирович…: о событиях Первой мировой войны / А. Василевский // Іўеўскі край. — 2014. — 27 верасня. — С. 16; — 4 кастрычніка. — С. 16; — 11 кастрычніка. — С. 12; — 18 кастрычніка. — С. 12.

  3. Волчок, А. Немецкие оборонительные сооружения периода Первой мировой войны на территории Ивьевского района / А. Волчок // Іўеўскі край. — 2015. — 30 верасня. — С. 8.

  4. Врублеўскі, В. Наш край у Першую сусветную вайну / В. Врублеўскі // Іве – Юрацішкі. — Мінск: А.М. Вараксін, 2010. — С. 104107.

  5. Врублеўскі, В. Першая сусветная вайна і Іўеўшчына / В. Врублеўскі // Іўеўскі край. — 2014. — 2 жніўня. — С. 16.

  6. Іўе ў гады Першай сусветнай вайны // Гісторыя, падзеі, людзі: летапіс горада Іўе / складальнікі: Г.І. Завадская, В.А. Навахрост. — Іўе: [Іўеўская цэнтральная раённая бібліятэка], 2009. — С. 37—46.
  7. Крыніца // Гісторыя, падзеі, людзі: летапіс горада Іўе / складальнікі: Г.І. Завадская, В.А. Навахрост. — Іўе: [Іўеўская цэнтральная раённая бібліятэка], 2009. — С. 197—199.

  8. Першая сусветная: погляд праз гады: бібліяграфічны паказальнік да 100-годдзя з пачатку Першай сусветнай вайны 1914 – 1918 гг. / Гродзенская гарадская цэнтральная бібліятэка імя А.Я. Макаёнка; уклад. Д. У. Крачко. — Гродна, 2014. — 56 с.

  9. Сляды Першай сусветнай // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Іўеўскага раёна. — Мінск: БЕЛТА, 2002.— С. 77—78.
Помнікі перыяду Першай сусветнай вайны

ГУК “Ивьевская районная библиотека”

Адрес: 231337, Республика Беларусь,

Гродненская обл., г. Ивье, 

ул. 1 Мая, 4

Телефон: + 375 (1595) 69912
+ 375 (1595) 69913

E-mail: info@ivie-lib.by

При использовании материалов
сайта гиперссылка на источник обязательна