Бульбяны баль “Другі хлеб беларусаў”

25 жніўня ў Іўеўскай раённай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Іўеўчанка” – бульбяны баль “Другі хлеб беларусаў”.

Падчас сустрэчы размова вялася пра вельмі карысную і важную для кожнага беларуса расліну – пра бульбу.

Вядучыя расказалі, які гістарычны шлях прайшла бульба з таго часу, як у 1532 годзе з ёй пазнаёміліся іспанскія канкістадоры, калі шукалі на тэрыторыі Перу золата, да сённяшняга дня. Бульбу вырошчваюць ва ўсім свеце, яна шырока выкарыстоўваецца ў харчовай прамысловасці і сельскай гаспадарцы (як корм жывёле), а таксама з’яўляецца лекавай раслінай.

Падчас мерапрыемства гучалі песні і вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя бульбе. Да бульбянога балю намаганнямі бібліятэкараў і ўдзельнікаў аб’яднання быў накрыты святочны стол, на якім цэнтральнае месца займала каралева-бульба, а вакол  ̶  розныя стравы з яе. Прысутныя з задавальненнем частаваліся прысмакамі і дзяліліся сваімі рэцэптамі прыгатавання страў з бульбы, а самыя актыўныя  ̶  прынялі ўдзел у гульнях: “Бульба” і “Гарачыя гаршчочкі”.

Да пасяджэння была арганізавана выстаўка-экспазіцыя “Стравы з бульбы ў сусветнай літаратуры”, на якой былі прадстаўлены мастацкія творы беларускіх і замежных аўтараў, у якіх героі прапануюць рэцэпты страў з бульбы.

Госці адзначылі, што мерапрыемства атрымалася цікавае і карыснае.