Добрая кніга – лепшы сябар
Традыцыйна ў першую нядзелю верасня ў нашай краіне праходзіць нацыянальнае свята – Дзень беларускага пісьменства. Менавіта пісьменства з’ядноўвае мінулае, цяперашняе і будучыню, зберагае сувязь пакаленняў, садзейнічае ўмацаванню духоўных каштоўнасцей, якія вучаць памятаць пра свае вытокі, шчыра любіць родны край i паважаць продкаў.
Дню беларускага пісьменства было прысвечана чарговае пасяджэнне дзіцячага аматарскага аб’яднання “РRO-кнігі” ў Іўеўскай раённай бібліятэцы – гучныя чытанні “Добрая кніга – лепшы сябар”. Мерапрыемства ладзілася ў межах агульнаадукацыйнага абласнога праекта “Аб чым не паведаміў падручнік”.
На працягу сустрэчы дзеці даведаліся пра гісторыю ўзнікнення кнігі, кнігадрукавання, аб традыцыях святкавання Дня беларускага пісьменства ў нашай краіне, пазнаёміліся з выдатнымі беларускімі асветнікамі, з літаратурай, прадстаўленай на кніжнай выставе “Не знікне цуд прыгожага пісьменства”. Удзельнікі з задавальненнем чыталі ўголас і абмяркоўвалі вершы: “Скарына” М.Пазнякова, “Францішак Скарына” В.Жуковіча, “Кнігі” Ул.Паўлава, “Слова” В.Віткі і іншыя.