Гульнёвы падворак “Купальскі вянок”

12 ліпеня работнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК “Іўеўская раённая бібліятэка” арганізавалі для наведвальнікаў аздараўленчага лагера “Крынічка” гульнёвы падворак “Купальскі вянок”. Мерапрыемства было прысвечана аднаму з найстарадаўнейшых народных святаў у гонар сонца і росквіту зямлі – Купаллю.

Традыцыйна на гэта свята ўпрыгожваюць дзяўчыну Купаву альбо маладую бярозку ці вярбу. На гульнёвым падворку таксама выбралі прыгажунь Купалінак і ўпрыгожылі іх стужачкамі. 

У ходзе імпрэзы жвавыя, спрытныя, гарэзлівыя ўдзельнікі з захапленнем знаёміліся са звычаямі і традыцыямі нашых продкаў, весела вадзілі карагоды, актыўна гулялі ў беларускія народныя гульні: “Бульба”, “Гарачыя гаршчочкі”, “Вясёлы бубен” і іншыя, слухалі купальскія песні. Дзеці даведаліся шмат цікавага пра лекавыя расліны, актыўна адказвалі на пытанні віктарыны “Купальская аптэка”, адгадвалі загадкі “З поля і градкі”.

Мерапрыемства атрымалася вельмі цікавым і пазнавальным.