Хуткамоўкі. Чытаем разам
Да Міжнароднага дня роднай мовы ў бібліятэцы-філіяле аг. Геранёны быў праведзены флэш-батл “Хуткамоўкі. Чытаем разам” для навучэнцаў 5 класа мясцовай школы. Мерапрыемства ладзілася з мэтай папулярызацыі беларускай мовы, развіцця мовы дзяцей, пашырэння іх слоўнікавага запасу.
Хуткамоўкі – гэта фразы ці вершыкі, пабудаваныя са слоў, спалучэнняў гукаў і складоў, якія цяжка хутка прагаворваць услых. Гэта своеасаблівая гімнастыка для языка, якая паляпшае дыкцыю, развівае маўленчы апарат дзіцяці, робіць яго больш дасканалым і рухомым. А для дзяцей гэта вясёлая і захапляльная гульня, бо не ў кожнага атрымліваецца паўтарыць хуткамоўку з першага разу без памылак.
Пяцікласнікі з задавальненнем вымаўлялі беларускія хуткамоўкі. У кагосьці атрымоўвалася гэта рабіць лепш, у кагосьці горш, але спаборнічаць у гэтым батле ўсім было вельмі цікава. Таксама дзеці прынялі актыўны ўдзел у розных конкурсах: “Перакладчык”, “Узнавіце вядомыя прыказкі” і г.д.
Мерапрыемства дало магчымасць яшчэ раз пераканацца, што наша родная мова надзвычай багатая і прыгожая.