Перамога ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”
13 чэрвеня 2022 года загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 123 зацверджаны вынікі XXX Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.
У намінацыі “За пошукавую і даследчую работу” дыпломам першай ступені адзначана Іўеўская раённая бібліятэка. На конкурс быў прадстаўлены электронны інфармацыйны рэсурс “Ільдэфонс Бобіч. Вяртаем забытыя імёны” і друкаваныя матэрыялы пра І.Бобіча – беларускага асветніка і літаратара, былога святара Іўеўскага касцёла.
Супрацоўнікамі бібліятэкі была праведзена вялікая пошукавая работа, у выніку якой быў знойдзены рукапіс “Гісторыя Івейскай парафіі”, 10 рарытэтных выданняў з экслібрысам; выяўлены 2 рэфераты, тэкст артыкула з газеты “Беларус” (на беларускай мове ў лацінскай графіцы); 1-я і 3-я часткі працы “Нядзельныя Евангеллі і навукі” – першага сучаснага беларускага падручніка для каталіцкага духавенства (на беларускай мове ў лацінскай графіцы) і інш. З касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла ў фонд раённай бібліятэкі перадалі ксеракопію рукапіса вершаў, якія ніколі і нідзе не выдаваліся, таму прадстаўляюць вялікую каштоўнасць. Назапашаныя матэрыялы сталі асновай для стварэння старонкі са звесткамі пра жыццё і творчасць І. Бобіча ў краязнаўчай базе дадзеных асабістай генерацыі “Знакамітыя землякі” і электроннага даведніка “Ільдэфонс Бобіч. Вяртаем забытыя імёны”.
Больш падрабязна пра вынікі конкурсу: https://www.nlb.by/by/news/nacyjanalnaja-biblijatjeka/vyniki-xxx-respublikanskaga-konkursu-bibliyateka-asyarodak-natsyyanalnay-kultury/