У чарговы асенні дзень у Іўеўскай раённай бібліятэцы сустрэліся ўдзельнікі праекта “Беларускі чацвер. НеВядомая беларуская літаратура” – вучні 7 “В” класа Іўеўскай сярэдняй школы разам з класным кіраўніком Багдановіч І.І.. На літаратурную сустрэчу былі запрошаны і бацькі вучняў гэтага класа.

Мерапрыемства было прысвечана твору І. Навуменкі “Настаўнік чарчэння”. Бібліятэкар разам з вучнямі і бацькамі разважалі над галоўнай думкай твора, над спрадвечнымі маральнымі высновамі жыцця. Адзначалі ролю настаўнікаў і бацькоў у фарміраванні жыццёвых перакананняў.

З вялікім задавальненнем удзельнікі мерапрыемства прымалі ўдзел у творчых працах: растлумачыць што ў сённяшні час значаць словы “Радзіму нашу любім і абараняць яе павінны…”, складалі чарцёж свайго будучага жыцця і іншыя. Бібліятэкар пажадала вучням, каб усе іх мары здзейсніліся, каб яны любілі сваю Радзіму, зямлю, на якой нарадзіліся, і заўсёды паважалі сваіх бацькоў і настаўнікаў.

Не абышлося і без прыемных сюрпрызаў, так як асноўная тэма мерапрыемства: “Настаўнік у жыцці вучняў…”, то ўдзельнікі сустрэчы выказалі словы падзякі класнаму кіраўніку і падрыхтавалі прыгожыя вершы і кветкі для сваіх матуль і настаўніцы.

Сустрэча атрымалася цёплай, утульнай і прынесла шмат шчаслівых хвілін нашым любімым матулям і настаўніцы. Дзеці дзякавалі за клопат, за штодзённую працу.