Творчая сустрэча “Вясёлкавы колер таленту”

У Іўеўскай раённай бібліятэцы адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Іўеўчанка” – сустрэча з дынастыяй рукадзельніц пад назвай “Вясёлкавы колер таленту”.

Напярэдадні сустрэчы на абанеменце бібліятэкі была разгорнута цудоўная выстава работ нашых таленавітых майстрыц: Наталлі Канстанцінаўны Буцько і яе дачкі Паліны, Святланы Канстанцінаўны Янкоўскай, а таксама іх матулі Казіміры Станіславаўны Страшкевіч. Усе гэтыя жанчыны – людзі творчыя, зачараваныя сваім краем, прыгажосцю свету, сонцам за акном, блакітам нябёс. А ўсю ўбачаную прыгажосць яны паўтараюць у сваіх вырабах.

Колькі радасці і задавальнення дораць яны іншым, даючы магчымасць любавацца арыгінальнымі непаўторнымі тварэннямі. Усе працы без выключэння здзівілі сваёй прыгажосцю і тэхнікай выканання: пэчворк, саломапляценне, вышыўка, ткацтва, вязанне кручком, фларыстыка і іншыя. Колькі цудоўных твораў дэкаратыўна-прыкладной творчасці тут можна было ўбачыць! Кожны  ̶  маленькі шэдэўр, створаны з дапамогай палёту фантазіі, умелых рук і тэхнічных здольнасцяў.

Падчас сустрэчы жанчыны расказалі пра сябе, падзяліліся сакрэтамі свайго майстэрства і расказалі аб тым, што іх натхняе на стварэнне такой прыгажосці, у якой тэхніцы ім больш за ўсё падабаецца тварыць і адказалі на шматлікія пытанні прысутных.

Сустрэча атрымалася вельмі цікавая, сардэчная і пазнавальная.