Вытокі роднага слова

Штогод у першую нядзелю верасня адзначаецца нацыянальнае свята кнігі, асветы і гістарычнай памяці – Дзень беларускага пісьменства. Сёлета 5 і 6 верасня яго сталіцай будзе горад Касцюковічы Магілёўскай вобласці.

Напярэдадні знакавай падзеі ў бібліятэцы-філіяле аг.Суботнікі прайшла гадзіна інфармацыі “Дзень беларускага пісьменства”, арганізаваная для малодшых школьнікаў.

Падчас мерапрыемства бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з гісторыяй свята і вытокамі айчыннага кнігадрукавання. Прысутныя з цікавасцю даведаліся пра жыццё і дзейнасць славутых асветнікаў: Францыска Скарыны, Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага і іншых. Хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна разгадвалі тэматычныя загадкі і з захапленнем гарталі старонкі маляўнічых дзіцячых выданняў, прысвечаных станаўленню і развіццю беларускага пісьменства.

Гэтая сустрэча дапамагла маленькім чытачам усвядоміць каштоўнасць кніжнай спадчыны і адчуць жывую сувязь з гісторыяй і культурай роднай зямлі.