Выстава “Гартны – гэта значыць загартаваны”
4 лістапада наша краіна адзначае 135-годдзе з дня нараджэння аднаго з самых палымяных рупліўцаў за беларускасць ̶ паэта, пісьменніка, перакладчыка, публіцыста, а таксама грамадскага і дзяржаўнага дзеяча Цішкі Гартнага (сапраўднае імя Зміцер Хведаравіч Жылуновіч).
Усё сваё жыццё першы пралетарскі паэт Беларусі прысвяціў барацьбе за яе незалежнасць і самасвядомасць, да апошняга ўздыху заставаўся нязломным змагаром за сваю Радзіму. Біяграфія Цішкі Гартнага поўніцца не толькі ўзлётамі і перамогамі, яна насычана таксама пакутамі і цяжкасцямі, амаль непераадольнымі для разумення сучаснага чалавека.
З нагоды юбілею аддзел абслугоўвання і інфармацыі падрыхтаваў кніжную выставу “Гартны – гэта значыць загартаваны”, прысвечаную знакамітаму пісьменніку. Яе мэта ̶ абудзіць у чытача цікавасць да асобы змагара беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, даць больш поўнае ўяўленне пра яго літаратурную дзейнасць.
У экспазіцыі прадстаўлены творы Цішкі Гартнага, а таксама літаратура, прысвечаная жыццю і творчасці пісьменніка.