У 2013 годзе ў Iўі ў Дзень горада адкрылася экспазіцыя “Кола гісторыі”, якая адлюстроўвае асноўныя вехі гісторыі Іўя ад першай згадкі ў пісьмовых крыніцах і да нашых дзён.
Экспазіцыя складаецца з вялікіх камянёў, якія выкладзены ў форме круга. Знаходзіцца помнік на адкрытай пляцоўцы побач з цэнтрам горада (на месцы старых яўрэйскіх могілак).
Тут на 14 велізарных камянях-валунах зафіксавана ўсё самае важнае і значнае, што здзейснілася больш чым за шэсць стагоддзяў існавання горада: ад першага згадвання ў летапісу да набыцця статуса горада. Кожны камень з памятнай шыльдай – гэта наша гісторыя. Каля экспазіцыі знаходзяцца паказальнік напрамкаў з назвамі гарадоў-пабрацімаў і банер з турыстычнай картай раёна.
Да 2021 года лічылася, што ў пісьмовых крыніцах Іўе вядома толькі з першай пал. ХV стагоддзя, як вялікакняжацкі двор. Ёсць сведчанне, што ў 1444 годзе вялікі князь літоўскі Казімір Ягелончык перадаў Іўе маршалку земскаму ВКЛ, намесніку навагрудскаму Пятру Мантыгердавічу. Пётр Мантыгердавіч, ваявода Трокскі, у 1499 годзе быў фундатарам першага ў Іўі каталіцкага касцёла св. апосталаў Пятра і Паўла, пры якім быў пабудаваны драўляны кляштар францысканцаў.
Але насамрэч гісторыя Іўя больш старажытная: згадкі пра паселішча былі знойдзены ў дарожным даведніку “Der Littauischen Wegeberichte” (“Апісанне літоўскіх дарог”) к.XIV – п.XV ст. І найбольш верагоднай датай, калі было зроблена апісанне дадзенага шляху, можна лічыць 1394 год.
У 2021 г. на падставе даследчай працы, праведзенай з удзелам Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, мясцовымі ўладамі прынята афіцыйнае рашэнне лічыць годам заснавання Іўя 1394 год
Камень 1 – 1394 год. Першая згадка пра Іўе ў пісьмовых крыніцах.
Камень 2 – 1495 год. Заснаваны касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла.
Камень 3 – 1569-1795 гады. Іўе ў складзе Рэчы Паспалітай.
У 1569 годзе ВКЛ і Польшча аб’ядналіся ў федэратыўную дзяржаву – Рэч Паспалітую. Найбольшую вядомасць у другой палове ХVІ – пачатку ХVІІ стагоддзяў атрымала арыянская школа, заснаваная ў 1585 годзе тагачасным уладальнікам Іўя Янам Кішкам, якая ўвайшла ў гісторыю асветы Беларусі пад назвай Іўеўскай акадэміі.
Камень 4 – 1742 год. Іўе атрымала статус мястэчка.
Камень 5 – “1795-1917 г. Іўе ў складзе расійскай імперыі”.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, у 1795 годзе, Іўе і прылягаючыя да яго тэрыторыі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі (Ашмянскі павет Віленскай губерніі).
Камень 6 – “ХVІІІ ст. Будаўніцтва сінагогі”.
Камень 7 – “1882 г. Будаўніцтва мячэці”.
Камень 8 – “1921-1939. Іўе ў складзе Польшчы”.
Па ўмовах рыжскага мірнага дагавора, які быў заключаны 18 сакавіка 1921 года, Іўеўскія землі адыйшлі да Польшчы. З гэтага часу Іўе – цэнтр гміны Валожынскага, а з 1926 года – Лідскага паветаў Наваградскага ваяводства.
Іўе ў тыя гады было бойкім гандлёвым мястэчкам, таму што праз яго пралягалі гандлёвыя тракты і шляхі на поўнач і ўсход. Дзейнічалі паліцэйскі ўчастак, гміна, натарыус, судовы выканаўца, каморнік, суд, чыгунка, пракладзеная немцамі яшчэ ў першую сусветную вайну.
У гэты час Іўе было мястэчкам беларуска-яўрэйска-польскім з невялікай колькасцю татараў. Становішча беларускага насельніцтва ў той час было надзвычай складаным, бо акрамя сацыяльнага ўціску ва ўмовах эканамічнага крызісу 1930-х гадоў, яно падвяргалася і нацыянальнаму. Польскі ўрад праводзіў тут палітыку паланізацыі і акаталічвання насельніцтва. Пачынаючы з 1930 года на тэрыторыі раёна дзейнічалі толькі школы з польскай мовай навучання і абавязковым выкладаннем закона божага. Лепшыя землі былі аддадзены ў рукі асаднікаў. На Іўеўшчыне разгортваецца беларускі грамадскі і культурна-асветніцкі рух.
Камень 9 – “17.09.1939-08.12.1940 гг. Іўе ў складзе СССР”.
У верасні 1939 года на тэрыторыю Заходняй Беларусі ўваходзяць войскі Чырвонай Арміі. З першых дзён вызвалення ў былых ваяводскіх і павятовых цэнтрах ствараліся часовыя ўпраўленні і камітэты. Адбываліся значныя змены ў развіцці культуры, адукацыі, павышэнні матэрыяльнага ўзроўню працоўных. У Іўі дзейнічала пачатковая школа, адкрылася сярэдняя школа, раённы Дом культуры, пашырылася бальніца, медыцынская дапамога стала бясплатнай. З усталяваннем савецкай улады пачынаецца калектывізацыя. У пяці вёсках Іўеўшчыны вясной 1940 года былі арганізаваны калгасы. Разам з пераўтварэннямі па Іўеўшчыне пракацілася хваля рэпрэсій супраць мясцовага насельніцтва.
Камень 10 – “15.01.1940. Іўе атрымала статус гарадскога пасёлка, створаны Іўеўскі раён Баранавіцкай вобласці”.
Створаны Іўеўскі і Юрацішкаўскі раёны ў складзе Баранавіцкай вобласці БССР. Іўе атрымала статус гарадскога пасёлка.
Камень 11 – “29.06.1941-07.07.1944. Акупацыя Іўеўскага раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі”.
Камень 12 – “1994. Заснавана Царква святого мучаніка дзіцяткі Гаўрыіла Беластоцкага.
Камень 13 – “16.06.2012. Адкрыты памятны знак “У гонар дружбы і згоды канфесій Іўеўшчыны”.
Камень 14 (у цэнтры кампазіцыі) – “15.01.2000. Іўе атрымала статус горада. 16 чэрвеня 2007 г. зацверджаны герб і сцяг горада Іўе”.
У 2000 годзе ў Іўі ўрачыста адсвяткавалі 60-годдзе ўтварэння раёна. Іўе атрымала статус горада.
Бібліяграфія:
-
Васілючак, М.В. Іўе: гісторыка-эканамічны нарыс / М.В. Васілючак. — Мінск: Беларусь, 1990. — 126 с.
- Гулидова, В. Течет река времени, крутится колесо истории / В. Гулидова // Іўеўскі край. — 2014. — 14 чэрвеня. — № 44. — С. 24.
-
Іўе: гісторыя, падзеі, людзі / складальнікі: Г.І. Завадская, В.А. Навахрост. — Гродна: Гродзенская друкарня, 2012. — 48 с.: іл.
-
Іўеўская зямля – сузор’е народаў, рэлігій і культур: матэрыялы рэгіянальнай навукова-практычнай канферэнцыі (Іўе, 15 чэрвеня 2012 г.) / пад рэд. А.К. Гецэвіча. — Гродна: ЮрСаПрынт, 2013. — 116 с.
-
Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Іўеўскага раёна. — Мінск: БЕЛТА, 2002. — 510 с.: іл.
Матэрыялы з адкрытых рэсурсаў сеткі Інтэрнет:
-
Открытие экспозиции “Колесо истории” 15.06.2013г. г.Ивье: [видеозапись]. — Режим доступа: https://www.youtube.com/watch?v=xZavmgq3Xr0&list=PL7IIHjYYRkHxNYnzxMWclj0sEAHexxmV9&index=78&t=0s
-
Туристические маршруты Ивьевского района. — Режим доступа: http://ivje.gov.by/ru/turmarshrut-ru/